15.03.2024
Панарама факультатыўных заняткаў
Метадычны тыдзень у форме Панарамы факультатыўных заняткаў праводзіўся з 11 сакавіка па 15 сакавіка. У рамках тыдня праводзіліся адкрытыя факультатыўныя заняткі ва ўсіх класах.
Адкрыццё тыдня адбылося ў панядзелак. У гэты дзень адкрыты факультатыўны занятак па матэматыцы правяла настаўнік 2 класа Алена Міхайлаўна Каленковіч у форме матэматычнага квэсту.
У аўторак на адкрыты факультатыўны занятак па фізіцы ў 8 клас запрасіла калег Алена Віктараўна Туркевіч. Вучні 8 класа шукалі адказ на пытанне "Якое значэнне для жыцця на Зямлі мае яе магнітнае поле?". У гэты ж дзень прайшлі факультатыўныя заняткі ў 2 класе "Мой край" (настаўнік Дубініч Н.М.), у 6 класе "Практыкум па чытанні (ням. мова, Шубянок Н.І.), у 3 класе "Вытокі роднай мовы" (настаўнік Барысевіч С.К.).
У сераду калегі пабывалі ў 9 класе на факультатыўным занятку па матэматыцы ў Валянціны Архіпаўны Кавальчук.
У чацвер гасцей чакалі ў 1 класе на факультатыўным занятку "Вытокі роднай мовы", дзе першакласнікі шмат новага даведаліся пра жывёл, а настаўнікі перанялі вопыт настаўніка Тамары Міхайлаўны Сінілевіч па выкарыстанні ІКТ, па прымяненні прыёмаў візуалізацыі ў рабоце з шасцігодкамі. Настаўнік рускай мовы і літаратуры Тамара Фёдараўна Свібовіч на занятках у 9 класе прадэманстравала формы і метады работы з вучнямі выпускнога класа па падрыхтоўцы да экзаменаў, а таксама паказала, як выкарыстоўваць дадатковы матэрыял для рэалізацыі выхаваўчага аспекту.
У пятніцу прайшлі заняткі ў 7 класе "У краіне дзіўнай хіміі", на якіх настаўнік Алена Міхайлаўна Калянковіч падзялілася вопытам работы па прафарыентацыі, паказаўшы, што факультатыўныя заняткі - самыя спрыяльныя для работы з вучнямі па іх прафесійнаму станаўленню. На адкрытым факультатыўным занятку па беларускай мове ў 9 класе настаўнік Вольга Канстанцінаўна Антановіч і будучыя выпускнікі разбіраліся, як перадаць чужую мову, як перабудаваць сказы. Вольга Канстанцінаўна напомніла дзецям пра Дзень Канстытуцыі, павіншавала іх са святам. Заключным адкрытым заняткам быў факультатыўны занятак у 6 класе "Храмы, замкі і палацы Беларусі", на якім вучні разам з настаўнікам Сяргеем Аляксандравічам Ільючыкам зрабілі віртуальную экскурсію ў Нясвіжскі замак.
У рамках тыдня праводзілася анкетаванне вучняў. А настаўнікаў наперадзе чакае семінар "Факультатыўныя заняткі - прастора для прафарыентацыі" і тэматычны педсавет.
Адміністрацыя школы выказвае настаўнікам шчырую падзяку за актыўны ўдзел у метадычным тыдні і жадае ўсім творчых поспехаў.