07.12.2022
Дзень памяці і смутку
7 снежня вучні, настаўнікі школы, жыхары вёскі Ракітна сабраліся ля помніка за вёскай, каб аддаць даніну памяці тым, хто загінуў у час вайны, хто трапіў пад крыло генацыду.
80 гадоў назад у снежні 1942 года ў вёсцы Ракітна адбылася трагедыя: карнікі акружылі вёску, сабралі мірных жыхароў і расстралялі іх за вёскай. Загінула больш за 80 чалавек, сярод якіх былі старыя і дзеці. Той чорны снежаньскі дзень стаў сімвалам вечнага жалю і болю ў сэрцы кожнага жыхара вёскі.
Вучні 9 класа Андрэй Караваевіч і Антон Вароніч прачыталі верш “Як добра жыць на свеце без вайны!”. І як запавет прагучалі радкі другога верша ў выкананні Віктара Туркевіча: “У памяць аб загінуўшых у агні давайце шанаваць наш мір у свеце!”. А вучань 7 класа Дзмітрый Віднікевіч назваў прозвішчы і імёны расстраляных сем'яў.
Пра тое, што трэба берагчы мір, жыць у любові і згодзе, памятаць сваіх родных і блізкіх, гаварылі ў сваіх выступленнях старшыня Дварэцкага сельвыканкама Аляксандр Віднікевіч, намеснік дырэктара школы Валянціна Рылач, настаяцель храма Праабражэння вёскі Язвінкі протаіерэй Сергій Чыж.
Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць аб загінуўшых. У гэты дзень адслужылі ліцію па ўбіенных жыхарах вёскі.
Было холадна стаяць, але кожны ўяўляў, як трымаліся ў такі халодны дзень перад смерцю старыя і дзеці, мужчыны, якіх прымушалі перад расстрэлам распранацца да ніжняй бялізны .
Сёння, як ніколі, усім сваім жыццём, вучобай, працай кожны з нас павінен захаваць гістарычную памяць аб ахвярах вайны.
